ПАЎНО́ЧНЫ ПО́ЛЮС,
пункт, у якім уяўная вось вярчэння Зямлі перасякае яе паверхню ў Паўн. паўшар’і. Размешчана ў цэнтр. ч. Паўн. Ледавітага ак., дзе глыб. перавышае 4000 м. Круглы год у раёне П.п. дрэйфуюць магутныя шматгадовыя пакавыя льды. Сярэдняя т-ра зімой каля -40 °C, летам пераважна каля 0 °C. Палярны дзень доўжыцца 189 сут., палярная ноч — 176 сут. Першым П.п. ў 1909 дасягнуў Р.Э.Піры. У 1937 у раёне П.п. арганізавана н.-д. дрэйфуючая сав. станцыя «Паўночны Полюс-1» пад кіраўніцтвам І.Дз.Папаніна. У 1958 пад П.п. прайшла амер. атамная падводная лодка «Науцілус». У 1977 П.п. дасягнуў атамны ледакол «Арктыка». Гл. таксама Полюсы геаграфічныя.
т. 12, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)